BELARUS22. Інструкцыя па выжыванні.

BELARUS22. Інструкцыя па выжыванні. (c) Pavel Barkouski

1. Трэба канчаткова змірыцца з тым, што вярнуцца ў 2020 і раней немагчыма. Не ім, не нам. Нам, бо ўжо нельга шырока заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў краіне. Ім, бо немагчыма больш кантраляваць тэрыторыю так, як было, калі ўсе старанна прымружвалі вочы. Таму як раней, больш не будзе. І не… не папусціць.




2. Трэба канчаткова змірыцца з тым, што Беларусь і яе ўсходні сусед зрабіліся фашысцкімі дзяржавамі. Камусьці яшчэ трэба доказаў, што тут фашызм? Маўляў, няма выразнай ідэалогіі. Запомніце, у фашызму няма ідэалогіі. Ёсць толькі культ моцы: моцная дзяржава, моцны фюрэр, моцны гвалт над нязгоднымі. І закон, які падначальваецца слову фюрэра. У гэтым сэнсе, сталінізм, прыкладам, гістарычна куды бліжэйшы да фашызму, чым да сацыялізму. А пры фашызме ёсць толькі рэжым ворага і сябра, і вельмі складана праходзіць тэст на лаяльнасць, не замараўшыся.

3. Трэба канчаткова даць рады таму, што ніводзін грамадзянін з сумленнай пазіцыяй не знаходзіцца ў бяспецы дома, у Беларусі. Кожны, хто не згодны з агрэсіўна-русафільскай і мілітарысцкай пазіцыяй улады – патэнцыйная ахвяра: і не так істотна, па якім канкрэтна артыкуле будзе ладзіцца абвінавачванне. Таму не трэба здзіўляцца рэпрэсіям: трэба альбо рыхтавацца і несці мужна свой крыж, альбо шукаць іншай будучыні для сябе і дзяцей на бліжэйшыя часы.

4. Трэба канчаткова зразумець, што геапалітыка такая геапалітыка, і ніхто не дасць Беларусі шанца на самастойнае вырашэнне сваіх праблем. Пакуль моцны Трэці (рэйх) Рым, Беларусь застанецца пад акупацыяй. Таго самага “другога (насамрэч ужо першага!) ўрада”, што ўсё больш кіруе гэтымі землямі. Адсюль непазбежнасць гуртавання народаў былой ВКЛ і РП у новым геапалітычным альянсе і супрацьстаянні.

5. Трэба аднак разумець, што наша вольная будучыня – гэта вынік ўраўнення, дзе знешнія сілы (той жа полк Каліноўскага) не дадуць рады без моцнага нутранога супраціву. І таму падполле і нешта накшталт варшаўскага паўстання ніхто не адмяняў. Калі дастаткова мужнасці заставацца і рыхтавацца, рабіць гэта варта свядома і знаходзячы аднадумцаў між сваіх. Інакш лепш не рызыкаваць.

6. Трэба нарэшце і канчаткова зразумець, што дна няма. Няма ніякага дна. Дна насамрэч няма. І калі ва Ўкраіне выпусцілі навонкі тую самую “глыбінную расію” з барбарскімі забойствамі, катаваннямі і гвалтаваннямі цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных (што ў Бучы, што ў Аленаўцы), то такое ж дно рана ці позна будзе прабіта і мясцовым гаўляйтэрам і ягонымі Zондэр-камандасамі. Таму трэба помніць: гэта вайна, прычым вайна на выжыванне цывілізацыі ў вядомым нам выглядзе.

7. Трэба даць канчаткова рады таму, што рабіць тое, што звыкла (калі ты не прапагандыст), у Беларусі хутка стане немагчыма. Не толькі ладзіць штосьці ў нацыянальным духу, наогул рабіць нешта жывое, калі гэта робіцца публічна. Так, гэта Паўночная Карэя 2.0. З захаду і поўначы ўжо нават абнесеная дротам. Гэта значыць свядомы зыход ва ўнутраную эміграцыю або эміграцыя знешняя. Таму, калі не надта засвечаны, трэба або абіраць татальны партызанінг і ўмела маскіравацца пад “балота”, чакаючы зручны час (ніякай публічнасці і сацсетак), альбо выязджаць і працаваць на культуру і інфраструктуру там, дзе тое магчыма. На жаль, гэта ўжо не ў Беларусі. І на жаль, гэта аб’ектыўна так.

8. Трэба навучыцца прымаць рэальнасць, у якой ёсць ахвяры і палітвязні. Іх не выкупіш, і не забудзеш. Бо цяпер уся краіна – суцэльны канцэнтрацыйны лагер, проста некаторым прызначылі рэжым ШЫЗО. Дакладна, што пра іх трэба памятаць і падтрымліваць, чым магчыма. Няма сумневу, аднак, што іх выратаванне можа супасці па часе толькі з вызваленнем усяе краіны, дагэтуль магчымы толькі шчаслівыя ўцёкі паасобных. Таму выснова: палітвязні непазбежныя ў краіне, дзе пануе фашызм.

9. Трэба нарэшце ўсвядоміць тым, хто цяпер на воле і можа штосьці рабіць, што рабіць – трэба. Ужо! Не сварыцца і не дзяліць паўнамоцтвы. А мэтаскіравана і ўпарта, як тое ўмеюць беларусы, брацца за працу. Нарэшце ствараць не на словах, а на справе “Францыю дэ Голя”, то бок Беларусь у выгнанні. Ісці пакручастым яўрэйскім шляхам, быць нацыяй, якая нясе Беларусь у самой сябе: “нясе сваё неба з сабой”. 

Ствараць электронны ўрад і лічбавыя службы, глабальныя гарызантальныя сеткі гандлёвых устаноў, сервісаў і прадпрыемстваў belarusian friendly (са зніжкамі і ільготамі на найм беларусам). Ствараць інкубатары нацыянальнай навукі, адукацыі і культуры, якія б былі добра дасяжныя анлайн і маглі падтрымліваць і развіваць нашу ідэнтычнасць. Ствараць нацыянальныя мілітарныя і парамілітарныя структуры там, дзе тое магчыма (цяпер гэта Україна і Літва, варта змагацца, каб таксама і ў Польшчы). Канчаткова дамовіцца, што цяпер галоўнае – гэта супольная справа, а спрэчкі і крыўды – тое, чым не варта радаваць ворагаў. Адсюль выснова: спазнавай, хто ёсць кім, выключна па справах, а не па словах ці намерах. Крытыкуй толькі канструктыўна: там, дзе можаш палепшыць справу. Не атрымліваецца працаваць талакой, працуй у іншым кірунку альбо проста не замінай.

10. Трэба ўсвядоміць, што “будзьма беларусамі” – гэта не прыгожы заклік, а поле нацыянальнай працы і барацьбы. Калі нацыі пагражае вынішчэнне і смерць, адказнасць за яе існаванне кладзецца на плечы кожнага неабыякавага беларуса. І так, цяпер размаўляць з дзецьмі гадзіну па-беларуску раз на тыдзень для гэтага мала. Трэба “будзьма!” 24/7.

(c) Pavel Barkouski

Комментарии

Анонимный написал(а)…
Поважаю!

Архив

Показать больше

Ярлыки

болезни40 путешествия39 лептин38 нейробиология38 ресурсы здоровья38 телесность32 видео30 генетика30 экологичность30 стрессоустойчивость29 вес28 сон28 свет26 семья26 семинар здоровое питание23 цикл "день-ночь"23 история21 иммунитет20 измерение ресурсов здоровья18 советы18 тест18 неврология17 инсулин16 красота16 традиции16 воспитание15 диагностика14 завтрак14 инфекции14 медицина14 социальные связи13 водно-солевой баланс12 микрофлора12 наука12 осанка12 рецепт11 семинар ваш ресурс стрессоустойчивости11 температура11 циркадные ритмы11 привычки10 природа10 самоидентичность10 солнце10 юмор10 СМИ9 беременность9 минимализм9 практика9 mtor7 война7 здоровье7 старение7 эволюция7 будущее6 курс здоровая телесность6 продуктивность6 NO5 дизайн5 психология5 сознательность5 холод5 шум5 архив4 грелин4 движение4 депрессия4 дети4 дом4 искусство4 кофеин4 личное4 нейропластичность4 родословная4 секс4 тестостерон4 генеалогия3 гистамин3 еда3 заметки3 книга3 отзывы3 семинар осознанность3 смерть3 анализы2 витаминД2 гомоцистеин2 долголетие2 лайфхак2 мелатонин2 мотивация2 окситоцин2 серотонин2 спонтанность2 среда2 термогенез2 Белавешкін1 ПТСР1 беларусь1 беловешкин1 богатство1 воля к жизни1 гормоны1 девайсы1 добавки1 железо1 консерватизм1 лекция1 метаболизм1 обогащеннаясреда1 ожирение1 окружение1 осанка.1 работа стоя1 ресурсы1 рефид1 сахар1 статус1 стоицизм1 триптофан1
Показать больше